Майстроўня Кінадакумэнталістыкі

У рамках праекту:

„Клясыка і авангард: польская кінадакумэнталістыка”

МЕСЦА: Kaptaruny Art Village
ТЭРМІН: 24.08.2019 – 28.08.2019

IV Кінамайстроўня арганізаваная для беларускіх кінасупольнасьцяў
Асацыяцыяй маладых творцаў “Да тэатру”/ Stowarzyszenie Młodych Twórców - „Ku Teatrowi” - Poznań (Polska).

З 2011 года Асацыяцыя маладых творцаў “Да тэатру”/Stowarzyszenie Młodych Twórców - „Ku Teatrowi” (Познань, Польшча) арганізуе Кінамайстроўню для беларускіх кінасупольнасьцяў.

Да гэтага часу ўдзельнікамі сэмінараў і сустрэч у Беларусі сталі і вядомыя беларускія рэжысэры Галіна Адамовіч, Віктар Асьлюк, Алег Дашкевіч, Вольга Дашук, Уладзімір Колас, Віктар Корзун, Аляксандр Матафонаў, Багдан Арлоў, Ірына Волах, Юрый Хашчавацкі, а таксама аматары і пачаткоўцы. Выкладчыкамі былі знакамітыя польскія рэжысэры, зьвязаныя з Польскай школай кінадакумэнталістыкі і Лодскай кінашколай у рамках праекту “15 хвілін: Беларусь!”

На IV Kiнамайстроўні выкладчыкамі стануць вядомыя ў Эўропе кінарэжысэры-дакумэнталісты Вольга Дашук і Віктар Асьлюк. Фільм «Алмаз» Віктара Асьлюка, зьняты ў рамках праекту «15 хвілін: Беларусь!» быў шматразова паказаны на міжнародных фэстывалях і здабыў прэстыжныя ўзнагароды

http://www.15minutesbelarus.net/victor-asliuk-be

Вольга Дашук таксама зьяўляецца аўтаркай фільмаў, шматразова ўзнагароджаных на эўрапейскіх фэстывалях.

Праграма Майстроўні ўключае:

Падчас заняткаў удзельнікі змогуць атрымаць практычныя веды аб выбары формы дакумэнтальнага фільму, спосабу вядзеньня здымкаў (з удзелам камэры ці толькі абсэрвацыя). Як зьдзяйсняецца выбар і прэзэнтацыя герояў у дакумэнтальным фільме? Якая функцыя слова і камэнтара? Якія кінасродкі можна ўжыць і дзеля чаго? Таксама будуць разглядацца пытаньні этычнай адказнасьці рэжысэра.

Майстар-класы скіраваныя да прафэсіяналаў і аматараў - стваральнікаў кіно, зацікаўленых дакумэнтальным фільмам, які становіцца ўсё больш папулярным у інтэрнэце і на сусветных кінафестывалях. Дакумэнтальнае кароткамэтражнае кіно - гэта найперш сіла вобразу і сіла сьвядомага мастацкага выказвання. Адказваючы на пытанні: Навошта я раблю фільм? Пра каго і пра што я раблю фільм? Якім чынам яго зрабіць? - удзельнікі майстар-класаў прэзэнтуюць на пітчынгу свае кінапраекты, над якімі будуць працаваць далей падчас заняткаў. Індывідуальна і ў групах.

Ахвотных да ўдзелу ў МАЙСТРОЎНІ КІНАДАКУМЭНТАЛІСТЫКІ просім дасылаць заяўкі кінапраекта, які мы зможам абмеркаваць, распрацаваць і пашукаць магчымасці для вытворчасці (фармуляр у дадатку).

Асабліва нас цікавяць праекты кароткамэтражных дакумэнтальных аўтарскіх фільмаў-расповедаў, працягласьцю ад 5 да 15 хвілін, якія можна прэзэнтаваць як на фэстывалях, так і ў інтэрнэце. Мы шукаем фільмаў, якія апісвалі б герояў і зьявы з Беларусі, з найбліжэйшага атачэння рэжысэра, калі камэра можа здымаць жыцьцё зьблізку або калі рэжысэр здымае важную падзею.

Да 08.08.2019 мы чакаем на вашыя заяўкі. Просьба запаўняць іх па-беларуску ці руску.

Анкета: абавязкова трэба запоўніць старонку 1 (інфармацыйную) і даслаць сінопсіс.

Калі ў вас ёсць іншыя дадаткі і матэрыялы, у тым ліку здымкі (трэйлеры, прэзэнтацыі ў power point ды інш.), просім іх дасылаць таксама. Чым больш матэрыялаў і інфармацыі, тым большая магчымасьць развіцьця праекту і прадстаўлення яго спонсарам.

Падчас заняткаў кінамайстроўні мы можам зладзіць таксама пітчынг кінапраектаў і будзем працаваць над канкрэтнымі фільмамі.

Удзел у МАЙСТРОЎНІ КІНАДАКУМЭНТАЛІСТЫКІ у Kaptaruny Art Village бясплатны.

ТРАНСПАРТ падаюць арганізатары (таксама бясплатна).

Колькасць удзельнікаў абмежаваная: максымум 15 чалавек, 15 кінапраектаў.